АХО́ВА ЗДАРО́ЎЯ ДЗЯЦЕ́Й І ПАДЛЕ́ТКАЎ,

састаўная частка сістэмы аховы здароўя, галоўная задача якой — захаванне і ўмацаванне здароўя падрастаючага пакалення. Агульныя для гэтай сістэмы прынцыпы і кірункі дзейнасці спалучаюцца са спецыфікай, абумоўленай асаблівасцямі фіз., псіхічнага, разумовага, сац. развіцця дзяцей і падлеткаў, падыходам да іх здароўя як да найважнейшай каштоўнасці і абавязковай перадумовы здароўя будучых пакаленняў. У развітых краінах заканадаўства аб ахове здароўя, як правіла, уключае спец. палажэнні па ахове здароўя дзчяцей і падлеткаў, забяспечвае кваліфікаваны мед. нагляд ад нараджэння дзіцяці да завяршэння падлеткавага ўзросту, узаемасувязь і пераймальнасць у дзейнасці асн. звёнаў прафілакт. і лячэбнай дапамогі.

На Беларусі аснову аховы здароўя дзяцей і падлеткаў складае разгалінаваная сетка дзярж. устаноў — спец. дзіцячых ці ў складзе ўстаноў для дарослых. На пач. 1994 яна ўключала: 380 дзіцячых паліклінік, 185 кабінетаў і 13 паліклінічных аддз. для падлеткаў; больш за 300 пунктаў аховы здароўя ў ПТВ і сярэдніх спец. навуч. установах; 13 дамоў дзіцяці, шэраг дзіцячых і для бацькоў з дзецьмі санаторыяў, кансультацыйна-дыягнастычных цэнтраў для дзяцей. У стацыянарах, паліклініках і інш. мед. установах для дарослых функцыянуюць аддз. для бальнічнай і лячэбна-прафілакт. дапамогі дзецям, мед.-сан. абслугоўвання школ, дзіцячых садоў і ясляў, летніх лагераў і гэтак далей. Незалежна ад стану здароўя прадугледжаны 16-разовы паліклінічны агляд дзяцей 1-га года жыцця, 4-разовы агляд урачамі трох спецыяльнасцяў дзяцей дашкольных устаноў, першакласнікаў — урачамі сямі, астатніх школьнікаў — урачамі пяці спецыяльнасцяў; паглыблены мед. агляд падлеткаў пры пераводзе іх з дзіцячых паліклінік у дарослыя камісіямі з сямі спецыялістаў. Работнікі сістэмы аховы здароўя дзяцей і падлеткаў удзельнічаюць у прафесійнай арыентацыі моладзі з улікам мед. проціпаказанняў, у кантролі за арганізацыяй і якасцю харчавання, узроўнем фізкультурна-аздараўленчай работы, у выкананні патрабаванняў агульнай і школьнай гігіены, выяўленні ранніх адхіленняў у фіз. развіцці, дыспансерызацыі дзяцей і падлеткаў, накіраванні іх на абследаванне і лячэнне (у тым ліку санаторна-курортнае), прапагандзе здаровага ладу жыцця. Прадугледжана льготная падтрымка дзяцей і падлеткаў: бясплатнае забеспячэнне медыкаментамі дзяцей да 3-гадовага, а тых, што жывуць на забруджаных радыенуклідамі тэрыторыях, дзяцей-інвалідаў і з асабліва цяжкімі захворваннямі — да 15-гадовага ўзросту, бясплатнае харчаванне да 2-гадовага ўзросту для дзяцей з мнагадзетных і маламаёмных сем’яў, сац. пенсіі дзецям-інвалідам да 16-гадовага ўзросту, ільготныя ўмовы адпачынку і аздараўлення, шэраг абмежаванняў на працу.

Э.А.Вальчук.

т. 2, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)